ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,

сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупа складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупа ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)